Класная гадзiна "Мы - Беларусы!"
Эмацыянальны настрой вучняў. Гучыць песня (на выбар: «Спадчына», словы Янкі Купалы, музыка Ігара Лучанка; «Белая Русь», словы Л. Пранчака, музыка В. Раінчыка), вучні разглядаюць фотаздымкі, ілюстрацыі, выставу кніг і часопісаў.
Настаўнік. Першы ўрок у новым навучальным годзе ва ўсіх школах рэспублікі праходзіць пад дэвізам “Твая зямля, твая Радзіма названа светла – Беларусь!”
У кожнага чалавека ёсць Радзіма, і кожны любіць яе. Любіць месца, дзе нарадзіўся і жыве. Любіць родную прыроду, свой народ. Любіць сваю родную мову і песні свайго народа, казкі, танцы, кнігі … Без бацькаўшчыны і без свайго народа чалавек не можа жыць.
Чытальнік:
Мне Богам дадзена Радзіма… І я заручаны душой
З яе азёрнымі вачыма, з яе жытнёвай цішынёй.
Мне Богам дадзена Радзіма… Зноў, як замову паўтару:
Мне без яе жыць немагчыма, без Беларусі я памру. (Змітрок Марозаў)
Настаўнік: Як прыемна кожны дзень адкрываць для сябе таленавітасць нашага народа, бачыць прыгажосць роднага куточка, слухаць пявучую беларускую мову і адчуваць ў душы вялікі гонар за сваю Радзіму.
Беларусь — край легенд, казак і паданняў. Зямля пад белымі крыламі, сінявокая Беларусь — так вельмі часта называюць нашу родную краіну. Яна славіцца сваімі лясамі, рэкамі, азёрамі, працавітымі і шчырымі людзьмі.
Паважаныя сябры! Сёння мы працягнем знаёмства з таямніцамі і цудамі беларускай зямлі, прыўзнімем заслону яе славутай гісторыі, традыцый, даведаемся, якіх знакамітых людзей яна ўзгадавала.
Чытальнік:
Над Белай Руссю – белы бусел з бусліхай у вышыні нябёс.
А гэта значыць Белай Русі наканаваны шчасны лёс. (В. Лукша)
Настаўнік: Любіць сваю краіну немагчыма, калі не ведаеш, чым яна жыла, як жыве зараз, да чаго імкнецца. Вывучаць, пазнаваць, разумець сваю зямлю, яе народ, бадай, самая галоўная наша задача. Такім чынам, мы будзем адказваць на пытанне: «Якая яна, наша Беларусь?»
Вучань
На карце вялікага свету яна як кляновы лісток,
Песня гарачага лета, крынічнай вады глыток.
Вучань
Мяжуе з Польшчай, Украінай, Расіяй, Латвіяй, Літвой.
Твой родны край, твая Айчына, жыццё тваё і гонар твой.
Вучань
I ты яе запомні імя, як неба, сонца і зару.
Твая зямля, твая Радзіма названа светла: Беларусь!
Вучань
Беларусь — чароўны край, пушчы і палеткі,
Па вясновых паплавах расцвітаюць кветкі.
Вучань
Беларусь — гняздо буслоў, птушак белакрылых.
Наша родная зямля, наш куточак мілы.
Вучань
Беларусь — азёрны край, гарады ды сёлы,
Сіні-сіні небакрай, вечныя дубровы.
Вучань
Радзіма мая дарагая — вытокі гаючых крыніц.
Той луг, дзе я краскі збіраю, той лес, дзе багата суніц.
Вучань
Радзіма мая дарагая — курган, дзе мінулае спіць,
Матуля, што ўсмешкай вітае, жаўрук, што ў блакіце звініць.
Настаўнік. Галоўны скарб нашай краіны — ЛЮДЗI! Яны ўслаўляюць сваю зямлю, нясуць у свет добрае iмя беларусаў.
«Ці задумваліся, які ён, беларус?… Што гэта за народ? Беларус якраз адрозніваецца шчодрасцю, заўсёднай гатоўнасцю прыйсці на дапамогу ў бядзе. Калі раней у каго на вёсцы здараўся пажар — вёска талакою ішла красці панскі лес, калі не было свайго, за пару дзен ставілі пагарэльцу новую хату, дзялілася з ім жытам … . Потым з кожнай хаты неслі рэчы: хто посцілку, хто палатно, хто гаршкі. Галоўнае ў нашым характары — гасціннасць добрага да добрых». (Уладзімір Караткевіч. Зямля пад белымі крыламі.)
Лёс нам даў мірны характар, чулае сэрца, шчырую душу, бязмерную шчодрасць і гасціннасць. Беларусы славяцца сваімі рамёствамі.
Нельга сёння не ўспомніць і нашых продкаў, якія ўслаўлялі родную краіну. Я ведаю, што вы падрыхтавалі вершы, складзеныя пра іх.
Вучань
Адкрывала школы і вучыла, кнігі перапісвала штодня.
Славу здабыло па ўсёй Айчыне Ефрасінні Полацкай імя.
Паведамленне Еўфрасіння Полацкая
Вучань
I слабыя душы іскрыла, і да Бога вяло, калі
Гаварыў і пісаў Кірыла — златавуст беларускай зямлі.
Вучань
Пакуль жыве мая Айчына і памяці не рвецца ніць,
Глядзіць на нас з табой Скарына, ён праз вякі на нас глядзіць.
Вучань
…Ты не памрэш, не змоўкнеш ты, Купала.
Радзіма ўзняла цябе, ушанавала, —
Жыві, паэзіі вясновы крыгаход.
Ты ад народа, і ты сам— народ.
Настаўнік: Тэрыторыя Рэспублікі Беларусь падзелена на 6 абласцей: Брэсцкую, Віцебскую, Гомельскую, Гродзенскую, Магілёўскую, Мінскую. Яны атрымалі назвы ў залежнасці ад таго, які горад з’яўляецца абласным цэнтрам. У кожнага з беларускіх гарадоў свае аблічча, свой характар, свая біяграфія.
Жыхары амаль кожнага горада ганарацца сваімі прадпрыемствамі. У Мінску вырабляюць аўтобусы, халадзільнікі, пральныя машыны, смачныя цукеркі, у Жодзіне— магутныя «БелАЗы”, у Мазыры — харчовую соль, у Пінску — мэблю і трыкатаж, у Ваўкавыску — каўбасы і малочныя прадукты, у Магілёве — тканіны.
Мая Беларусь… Гэта — зубры ў Белавежскай пушчы. Гэта — бабры, мядзведзi ў Бярэзiнскiм запаведнiку. Гэта — ласi i дзiкi ў Налiбоцкай пушчы. Гэта — векавыя дубы, лiпы, клёны, вербы, сасновыя бары, бярозавыя гаi, духмяныя лугi… Куды б нi паехаў, цябе сустракаюць непаўторныя краявiды.
З душы вырываецца мелодыя Iгара Лучанка на словы славутага паэта Якуба Коласа.
Чытальнік:
Мой родны кут, як ты мне мілы! Забыць цябе не маю сілы!
Не раз, утомлены дарогай, жыццём вясны мае ўбогай,
К табе я ў думках залятаю і там душою спачываю.
Настаўнік. Прыйшоў час адправіцца ў завочнае падарожжа па Беларусі. (Прагляд відэафільма)
Вучань
У Беларусі ясныя вочы, многа любові ў грудзях:
Звонкае поле, звонкія сосны, звонкі і сонечны шлях.
Вучань
У Беларусі кожны куточак, дзе ты не пойдзеш, пяе…
Звонкае слова, звонкая песня, звонкае сэрца яе.
Настаўнік. Чым мы можам ганарыцца?
Вучань. Мы ганарымся сваёй песняй!
Вучань. Мы ганарымся сваёй мовай!
Вучань. Мы ганарымся сваёй гісторыяй!
Вучань. Мы ганарымся сваёй роднай зямлёй!
Дзеці (разам). Мы ганарымся тым, што мы — беларусы!